Рэалізацыя задач вучэбнай праграмы - Ясли-сад № 52 г. Барановичи
Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Рэалізацыя задач вучэбнай праграмы

У вучэбнай  праграме дашкольнай адукацыі работа па фарміраванню беларускага маўлення з дашкольнікамі падзяляецца па ўзроставых групах, па напрамках работы:

l заняткi па развіццю беларускага маўлення;

lразвіццё маўлення ў працэсе штодзённых узаемаадносінаў выхавальніка з дзецьмі ў розных відах дзейнасці;

lсамастойная маўленчая дзейнасць дзяцей;

       Вучэбная праграма рэкамендуе таксама пералік лепшых класічных мастацкіх і фальклорных твораў і дакладна акрэслівае задачы па азнаямленню з імі дзяцей розных узроставых груп (пачынаючы з 1-й малодшай):

беларускімі народнымі песенькамі і пацешкамі;

беларускімі народнымі казкамі;

творамі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў;

беларускімі народнымі гульнямі.

       Згодна праграме, агульная стратэгія пабудовы працэсу навучання дашкольнікаў беларускай мове заключаецца ў паэтапным развіцці беларускага маўлення дзяцей, пачынаючы з паступовага ўвядзення беларускай мовы ў розныя віды дзейнасці ўжо ў першай малодшай групе.

       Гэта робіцца з мэтай развіцця ў дзяцей першапачатковых навыкаў разумення мовы, умення паўтараць за выхавальнікам і, па меры магчымасці, самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (асобныя словы, кароткія пацешкі, вершы, забаўлянкі, калыханкі, песенькі і г.д.), што служыць фарміраванню ў іх пачуццёвай асновы руска-беларускага двухмоўя.

       Перыяд ранняга дзяцінства традыцыйна лічыцца самым спрыяльным для авалодання мовай (як роднай, так і другой) у сувязі з шэрагам псіхалагічных асаблівасцей дзяцей: сензітыўнасцю да засваення мовы, актыўнай памяццю, лёгкасцю станоўчай матывацыі маўленчай дзейнасці.

       Ранняе засваенне беларускай мовы дае станоўчыя вынікі толькi пры строгім захаванні прынцыпу «адна асоба ў адной сітуацыі зносін — адна мова», г.зн., што адзін і той жа педагог павінен выкарыстоўваць  ў зносінах з дзіцём і рускую, і беларускую мовы, але строга прытрымліваецца адной з іх на занятках, у гульнях і ў асобныя дні. Формы i метады работы па развiццю беларускага маўлення педагогi павінны выкарыстоўваць узалежнасцi ад узросту дзяцей.

       Пры навучаннi дашкольнікаў малодшага ўзросту выхавальнiкi асаблiвую ўвагу павінны ўдзяляць  рэпрадуктыўнаму беларускаму маўленню (фарміраваць першапачатковыя навыкі разумення мовы, умення паўтараць за выхавальнікам і, па меры магчымасці, самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (асобныя словы, кароткія рэплікі, завучваць і ўзнаўляць кароткія паэтычныя творы), што паслужыць фарміраванню ў іх пачуццевай асновы руска-беларускага двухмоўя.

         У адпаведнасці з вучэбнай праграмай з дзецьмi сярэдняга i старэйшага ўзросту выхавальнікі адзін раз на тыдні праводзяць  заняткі па развіццю беларускага маўлення.

       Пры арганізацыі работы з выхаванцамі сярэдняга ўзросту ажыццяўляецца навучанне прадуктыўнаму маўленню, г.зн. уменню будаваць самастойныя па змесце і форме выказванні на беларускай мове (расказванне па карціне, пра цацку або прадмет, з асабістага вопыту, пераказ).

       У дзяцей сярэдняга і старэйшага дашкольніага ўзросту, акрамя рэпрадуктыўнага і прадуктыўнага маўлення фарміруецца пачатковае асэнсаванне некаторых асаблівасцей беларускай мовы (фрыкатыўнае вымаўленне гукаў [г], [г’], заўседы цвердае вымаўленне гукаў {ч}, {щ} {р} і г.д.). Рэалізацыі гэтай задачы садзейнічае правядзенне “чыстых” заняткаў па гукавой культуры маўлення.

       Мэтай заняткаў з дзецьмі гэтых груп з’яўляецца фарміраване ў дзяцей слоўніка, граматычнага ладу маўлення, гукавой культуры і звязнага маўлення (дыялагічнага і маналагічнага) як сродка зносін, ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы, жаданне авалодаць ёю. На гэтых занятках  выхавальнікі павінны актыўна выкарыстоўваць дыдактычныя  гульні, малыя формы фальклору, беларускія народныя казкі, апавяданні, вершы, загадкі, чыста і скорагаворкі. Вучыць слухаць і разумець мову выхавальніка, адказваць на пытанні па змесце вершаў, карцін і апісанні цацак. Садзейнічаць стварэнню выказванняў, самастойных па задуме і моўным афармленні (пры пераказе казак, складанні апавяданняў з асабістага вопыту).

       Асаблiвую ўвагу ў рабоце са старэйшымі дашкольнікамі педагогі павінны надаваць настольным, дыдактычным, развіваючым  гульням, якія:

- садзейнічаюць фарміраванню ў выхаванцаў цікавасці да роднай мовы і жаданне авалодаць ёю;

- развіваюць звязнае маўленне, граматычны лад мовы, актывізуюць  слоўнік;

вучаць дзяцей устанаўліваць і разумець сувязi паміж назвамi прадметаў, іх прыкметамi і функцыянальнымі магчымасцямі;

- садзейнічаюць развіццю ўвагі, мыслення, кемлівасці.

       Рэалізацыю задач беларускага маўлення, згодна з вучэбнай праграмай, неабходна ажыццяўляць таксама на фізкультурных занятках з выкарыстаннем беларускіх народных рухомых гульняў, на рухава-творчых занятках, заснаваных на розных відах вуснай народнай творчасці, на музычных занятках, у час правядзення народных свят і г.д.